Чырвонабярэжская зямля пад малітвамі ўсіх святых


22 чэрвеня 2017 года, у дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, у крыпце Мінскага храма-помніка ў гонар Усіх Святых адбылася цырымонія закладкі капсулы з зямлёй, узятай на Чырвонабярэжскім мемарыяле “Дзецям – ахвярам вайны”.

Згаданая крыпта (падземны падалтарны некропаль) быў адкрыты ў 2010 годзе, калі тут пахавалі астанкі невядомых салдат трох войнаў – Айчыннай 1812 года, першай сусветнай і Вялікай Айчыннай. З таго часу ў гэтым святым месцы штогод хаваюць астанкі воінаў і закладваюць капсулы з зямлёй, якая была паліта крывёю беларусаў у ваеннае ліхалецце. Разам з Чырвонабярэжскай зямлёй сюды былі дастаўлены капсулы з зямлёй, узятай на месцы былога канцлагера “Азарычы” і дзіцячага лагера смерці, які размяшчаўся ў вёсцы Сёмкава Мінскага раёна. Жлобінскую дэлегацыю ўзначаліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Няхай.

Памяць аб ахвярах войнаў, якія пракаціліся па беларускай зямлі, сёння аб’ядноўвае нашу нацыю. Аб гэтым засведчыў і той факт, што ў цырымоніі закладкі чарговых капсулаў з зямлёй у храме Усіх Святых разам з праваслаўнымі на чале з протаіерэем Фёдарам Поўным за ўпакой душ загінуўшых маліліся каталікі – на чале з архіепіскапам, мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам, мусульмане – на чале з муфціем мусульман Беларусі Абу-Бакір Шабановічам і яўрэі – на чале з выканаўчым дырэктарам аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізма ў Беларусі Міхаілам Кемеравым.

Поўная назва храма-помніка Усім Святым гучыць і як “ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай”. Вечная ім памяць.

Фота Мікалая ШУКАНАВА.



 капсулы з Чырвонабярэжскай зямлёю
 капсулы з Чырвонабярэжскай зямлёю